Вы на старонцы Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў - найбуйнейшага аб'яднаньня незалежных грамадзкіх структураў Беларусі.
Даведацца болей пра Асамблею...
ВЯРХОЎНЫ СУД АДХІЛІЎ СКАРГУ АСАМБЛЕІ НДА НА АДМОВУ Ў РЭГІСТРАЦЫІ
2010-05-05
Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь адхіліў скаргу заснавальнікаў Асамблеі няўрадавых дэмакратычных аб’яднаньняў на адмову ў рэгістрацыі гэтай асацыяцыі. Па выніках разгляду справы суд прыйшоў да высновы, што Міністэрства юстыцыі мела падставы адмовіць у рэгістрацыі Асамблеі. Сярод шматлікіх прэтэнзіяў да Асамблеі, якія былі пазначаныя Міністэрствам юстыцыі, суд прызнаў дастатковымі для адмовы дзьве.Па-першае, ва ўстаноўчай дамове заснавальнікі не пазначылі месца знаходжаньня асацыяцыі (юрыдычны адрас). Па-другое, мэты і задачы асацыяцыі сфармуляваныя неканкрэтна і не даюць магчымасьці атрымаць ўяўленьне пра прадмет дзейнасьці Асамблеі.
“Пазыцыя Міністэрства юстыцыі была падтрыманая судом і гэтая пазыцыя цалкам зразумелая. Паводле меркаваньня рэгіструючага органа, такая структура як Асамблея папросту ня можа быць зарэгістраваная ў якасьці асацыяцыі грамадзкіх аб’яднаньняў”, – камэнтуе рашэньне суда Юры Чавусаў, які ўдзельнічаў у працэсе ў якасьці прадстаўніка грамадзкасьці. “Міністэрства сьцьцвярджае, што ў саюзы і асацыяцыі могуць аб’ядноўвацца аднародныя арганізацыі. Напрыклад, маладзёвыя, сацыяльныя, жаночыя, экалягічныя аб’яднаньні, фэдэрацыі па відах спорту. А вось такая структура як Асамблея, у якую ўваходзяць самыя разнастайныя арганізацыі, на думку Міністэрства юстыцыі і Вярхоўнага суда, зьяўляецца немагчымай паводле заканадаўства”, – патлумачыў Юры Чавусаў.
Старшыня Рабочай групы Асамблеі Сяргей Мацкевіч адзначыў, што чарговая адмова ў рэгістрацыі Асамблеі дэманструе нязьменную негатоўнасьць беларускіх уладаў шчыра ўзаемадзейнічаць зь незалежным грамадзянскім сэктарам. Ацэньваючы падставы для адмовы ў рэгістрацыі, кіраўнік Асамблеі сказаў: “Міністэрства юстыцыі сьцвярджае, што ў арганізацыяў, якія ўваходзяць у Асамблею, недастаткова агульных інтарэсаў, каб аб’яднацца ў асацыяцыю. Такая пазыцыя рэгіструючага органа дазваляе нам меркаваць, што з пункту гледжаньня Міністэрства ўзаемадзеяньне грамадзкіх аб’яднаньняў у межах Асамблеі ня будзе надалей расцэньвацца як дзейнасьць у складзе незарэгістраванай асацыяцыі. ”
Што да прэтэнзіяў рэгіструючага органа да ўстаноўчай дамовы аб стварэньні Асамблеі, то заяўляльнікі патлумачылі, што лічаць патрабаваньні рэгіструючага органа не заснаванымі на праве: заканадаўства патрабуе пазначэньня юрыдычнага адрасу ва ўстаноўчых дакументах асацыяцыі, да якіх належаць статут і ўстаноўчая дамова. І ў статуце ўсе зьвесткі былі выкладзеныя належным чынам. Болей за тое, у 2009 годзе на рэгістрацыю Асамблеі ў Міністэрства юстыцыі падавалася абсалютна аналагічная дамова – і тады міністэрства ніякіх хібаў у ёй не адзначыла.
Асамблея няўрадавых дэмакратычных аб’яднаньняў – найбуйнейшае ў Беларусі згуртаваньне арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці, якое аб’ядноўвае больш за 250 грамадзкіх аб’яднаньняў, фондаў і іншых некамэрцыйных арганізацыяў. Гэта была ўжо трэцяя спроба зарэгістраваць гэтае згуртаваньне ў выглядзе асацыяцыі юрыдычных асобаў з часу паўстаньня Асамблеі ў 1997 годзе.
Кантактныя асобы:
Сяргей Мацкевіч, старшыня Рабочае групы Асамблеі НДА, + 375296512397
Юры Чавусаў, прадстаўнік грамадзкасьці, юрыст: +375 29 641 43 47
Электронная пошта: preskantakt@belngo.info