Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Беларусі
The Assembly Of Pro-Democratic NGOs Of Belarus

Пра Асамблею  |   Старонка ў Facebook

 
 

Стратэгічны плян разьвіцьця Асамблеі

Бачаньне разьвіцьця Асамблеі НДА

Вынікам сваёй дзейнасьці мы бачым разьвіты трэці сэктар Беларусі, дзе Асамблея выступае мэханізмам прасоўваньня інтарэсаў НДА. Асамблея зьяўляецца аўтарытэтным аб’яднаньнем НДА і грамадзянскіх ініцыятываў, якое спрыяе разьвіцьцю дэмакратычнай прававой дзяржавы і ўплывае на зьмены ў грамадзтве. Сяброўства ў Асамблеі прэстыжнае і карыснае.

Асамблея - адкрытая да супрацоўніцтва пляцоўка з адладжаным мэханізмам абмену інфармацыяй. Асамблея мае моцныя рэгіянальныя сувязі. Кожны сябра Асамблеі можа знайсьці сабе адпаведных партнэраў і паплечнікаў.

Асамблея садзейнічае разьвіцьцю НДА, спрыяе ўкараненьню стандартаў якасьці іх працы. Вынікі такой дзейнасьці сыстэматычна аналізуюцца і ацэньваюцца.

Асамблея выконвае ролю своеасаблівага рэсурсавага цэнтру: мае бібліятэку, базы зьвестак (НДА, заканадаўства, донары, мэтадычная і інш.).

Асамблея - фармалізаванае і структураванае аб’яднаньне, мае свае нарматыўныя дакумэнты, якія прызнаюць усе сябры Асамблеі. Правілы ўзаемадзеяньня паміж сябрамі Асамблеі рэглямэнтаваныя, дзейнічаюць дакладна вызначаныя працэдуры прыняцьця рашэньняў і дакумэнтаў ад імя аб’яднаньня.

Місія

Асамблея НДА - добраахвотнае аб’яднаньне грамадзкіх арганізацыяў і ініцыятываў, якія свабодна выбіраюць розныя формы арганізацыйнага ўзаемадзеяньня, кіруючыся прынцыпамі раўнапраўя і самастойнасьці, і вызнаюць дэмакратыю і незалежнасьць Беларусі як свае каштоўнасьці. Гэтыя прынцыпы замацаваныя ў статутных і праграмных дакумэнтах арганізацыяў - сябраў Асамблеі.

Асамблея спрыяе разьвіцьцю арганізацыяў-сябраў і станаўленьню грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі.

Дзейнасьць Асамблеі НДА скіраваная ў першую чаргу на зарэгістраваныя і незарэгістраваныя арганізацыі і грамадзянскія ініцыятывы, якія ўваходзяць у склад Асамблеі.

Пад грамадзянскай ініцыятывай мы разумеем часткова фармалізаванае кароткатэрміновае ўтварэньне з часовай структурай.

Таксама Асамблея працуе з НДА - ня сябрамі Асамблеі, зарэгістраванымі і незарэгістраванымі арганізацыямі і грамадзянскімі ініцыятывамі.

Дзейнасьць Асамблеі скіраваная ў тым ліку на падтрымку і разьвіцьцё ініцыятыўных групаў - кола грамадзянаў, якое ня мае структуры і працэдураў фармалізацыі, але мае намер рэалізацыі пэўных мэтаў.

Арганiзацыйныя прынцыпы Асамблеi:

  • добраахвотны ўдзел і самастойнасьць арганiзацыяў-сябраў;
  • неўмяшаньне Асамблеі ва ўнутраныя справы арганізацыяў - сябраў Асамблеі;
  • роўныя правы сябраў Асамблеі;
  • дэмакратычныя працэдуры прыняцьця рашэньняў;
  • салідарнасьць і супрацоўніцтва сябраў Асамблеі дзеля дасягненьня агульных мэтаў.

Стратэгічныя накірункі дзейнасьці Асамблеі НДА, Мэты і задачы

I. Прасоўваньне інтарэсаў шляхам салідарных дзеяньняў

Мэта: Стварыць эфэктыўныя мэханізмы прасоўваньня інтарэсаў НДА.

Задачы:

  • Прыцягнуць максымальную колькасьць арганізацыяў да ажыцьцяўленьня салідарных дзеяньняў і паспрыяць стварэньню і пашырэньню мэтавых кааліцыяў;
  • Удасканаліць сыстэму калектыўнай абароны НДА шляхам умацаваньня юрыдычных службаў на базе арганізацыяў - сябраў Асамблеі.
  • Садзейнічаць сыстэматычнай працы НДА дзеля ўдасканаленьня нацыянальнага заканадаўства, якое забясьпечвае ўмовы існаваньня трэцяга сэктару (пытаньні, зьвязаныя з рэгістрацыяй, абкладаньнем падаткамі, дабрачыннай дзейнасьцю, юрыдычнымі адрасамі, сацыяльнымі замовамі), а таксама дзеля абароны інтарэсаў НДА ў судовай сыстэме.
  • Удасканаліць мэханізмы прасоўваньня інтарэсаў беларускіх НДА на міжнародным узроўні.
  • Наладзіць адносіны зь людзьмі, якія ўплываюць на прыняцьце рашэньняў (дэпутаты, бізнэсоўцы, журналісты, аўтарытэтныя асобы).

II. Удасканаленьне формаў і мэтадаў камунікацыі паміж сябрамі Асамблеі і зьнешнім асяродзьдзем

Мэты:

  1. Палепшыць імідж НДА ў грамадзтве.

    Задачы:

    • Удасканаліць сыстэму інфармаваньня сябраў Асамблеі па тэмах, зьвязаных з прамоцыяй НДА ў грамадзтве (праз часопіс “Асамблея”, сайт, Форум, сустрэчы і інш.);
    • Праводзіць штогадовы аналіз іміджу НДА ў грамадзтве;
    • Спрыяць арганізацыйнай працы дзеля падрыхтоўкі тых актывістаў НДА, што спэцыялізуюцца на сувязях з грамадзтвам;
    • Распрацаваць і апрабаваць мадэлі грамадзкіх і інфармацыйных кампаніяў на нацыянальным і рэгіянальным узроўні;
    • Наладзіць сыстэму кансультаваньня і экспэртызы ў іміджавай дзейнасьці НДА (рэкляма, PR, выдавецкая дзейнасьць і г.д.);
    • Падрыхтоўка і правядзеньне Форумаў.
  2. Стварыць умовы для арганізацыйнага разьвіцьця сябраў Асамблеі.

    Задачы:

    • Праводзіць аналіз інтарэсаў і патрэбаў НДА ў аргразьвіцьці.
    • Праводзіць аналіз прафэсійна-кансультацыйнага асяродзьдзя па аргразьвіцьці (кансультантаў, міжнародных і мясцовых НДА, якія займаюцца аргразьвіцьцём; экспэртаў, якія аналізуюць працэсы разьвіцьця 3-га сэктару; сфэры паслугаў, адукацыйных праграмаў, дасьледваньняў).
    • Забясьпечыць прасоўваньне культуры аргразьвіцьця праз папулярызацыю дасягненьняў дзейнасьці НДА, абмен досьведам выкарыстаньня напрацовак у сфэры аргразьвіцьця.
    • Забясьпечыць функцыянаваньне віртуальнага каталёгу інфармацыйна-мэтадычных рэсурсаў па аргразьвіцьці НДА, адкрытага для ўсіх сябраў Асамблеі.
    • Арганізаваць агульную інфармацыйную прастору, наладзіць сталую камунікацыю паміж працуючымі ў Беларусі спэцыялістамі па аргразьвіцьці і НДА, якія вывучаюць культуру аргразьвіцьця і выкарыстоўваюць яе нормы ў сваёй практычнай дзейнасьці.
  3. Пашырыць прысутнасьць НДА ў інфармацыйнай прасторы.

    Задачы:

    • Весьці сталую працу з журналістамі і рэдактарамі СМІ;
    • Пашырыць аўдыторыю сайту з наладжанай зваротнай сувязьзю;
    • Пашырыць чытацкую аўдыторыю часопіса “Асамблея”;
    • Удасканаліць прэс-службу Выканаўчага бюро і наладзіць каардынацыю паміж прэс-службамі сябраў Асамблеі.
  4. Увесьці ў практыку шырокае абмеркаваньне актуальных для грамадзтва і НДА праблемаў і шляхоў іх вырашэньня.

    Задачы:

    • Праводзіць сыстэмную працу дзеля збору інфармацыі пра формы ўзаемадзеяньня з мэтавай аўдыторыяй, шляхі вырашэньня праблемаў дзеля пошуку найбольш эфэктыўных формаў камунікацыі;
    • Наладзіць выкарыстаньне базы зьвестак экспэртаў па розных сацыяльна-эканамічных праблемах;
    • Стварыць умовы для рэалізацыі публічнага абмеркаваньня праблемаў сябрамі Асамблеі.

III. Маніторынг, аналіз і ацэнка дзейнасьці грамадзкага сэктару

Мэта: Забясьпечыць сыстэматычнае паступленьне аналітычнай інфармацыі пра стан грамадзкага сэктару арганізацыям - сябрам Асамблеі дзеля павышэньня эфэктыўнасьці іх дзейнасьці.

Задачы:

  • Праводзіць штогадовы маніторынг і аналіз праблемаў і патрэбаў НДА - сябраў Асамблеі;
  • Забясьпечыць сталае функцыянаваньне сыстэмы маніторынгу, аналізу і ацэнкі дзейнасьці грамадзкага сэктару.

Асамблея НДА
Стратэгічны плян разьвіцьця Асамблеі