Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Беларусі
The Assembly Of Pro-Democratic NGOs Of Belarus

Пра Асамблею  |   Старонка ў Facebook

 
 

Выніковы прэс-рэліз VI Асамблеі (Кангрэсу) НДА Беларусі

VI Асамблея няўрадавых арганізацыяў ды ініцыятываў адбылася ў Менску 6-7 сакавіка 2009 г. З удзелам 330 прадстаўнікоў НДА, замежных гасьцей, а таксама ў прысутнасьці журналістаў незалежных і ўрадавых мэдыяў, гэтае мерапрыемства стала найбуйнейшым форумам НДА ў дванаццацігадовай гісторыі правядзеньня падобных сходаў.

Сустрэча адкрылася словамі Аляксандра Патупы і Вінцука Вячоркі, якія былі сярод заснавальнікаў Асамблеі НДА ў 1997 г. Свае вітальныя прамовы сказалі таксама Аляксандар Мілінкевіч і Аляксандар Казулін (які выступіў перад абмеркаваньнем заявы, прысьвечанай палітычным рэпрэсіям), амбасадар Швэцыі Стэфан Эрыксан. Хаця арганізатары даслалі запрашэньне да ўдзелу ў прэзыдэнцкую адміністрацыю, улады вырашылі праігнараваць яго.

Ацэньваючы ў сваім вытупе сытуацыю ў беларускім трэцім сэктары, Сяргей Мацкевіч, старшыня Рабочай групы Асамблеі НДА, падкрэсьліў: “глябальных зьменаў не назіраецца ні ў цэнтры, ні ў рэгіёнах. Можа зьмянілася рыторыка ўладаў да больш памяркоўнай, а ў сваіх дзеяньнях яны ўсё роўна кіруюцца тым заканадаўствам, якое ёсьць, а яно ў вялікай ступені рэпрэсіўнае. І тымі звышмэтамі – не дапусьціць да легальнай дзейнасьці апанэнтаў улады. Зьявіліся, на жаль, новыя формы перасьледу актывістаў. Мы жадаем рэальных зьменаў у сытуацыі, а не касьметычных”.

Удзельнікі заслухалі ды абмеркавалі справаздачы шасьці рэгіянальных і шасьці тэматычных круглых сталоў, што былі праведзеныя ў студзені-лютым гэтага году ў межах падрыхтоўкі да VI Асамблеі. Тэмамі гэтых сталоў былі правы чалавека, экалягічны актывізм, сацыяльныя і жаночыя НДА, грамадзянская адукацыя, новыя мэдыі як форма грамадзкай актыўнасьці, пытаньні дзейнасьці НДА ў канкрэтных рэгіёнах. Бальшыня выступоўцаў адзначыла нэгатыўныя тэндэнцыі пагаршэньня ўмоваў для грамадзянскай супольнасьці ды рэалізацыі права на свабоду асацыяцыяў, нягледзячы на г.зв. "лібэралізацыю". Падобныя высновы таксама ўтрымліваліся ў маніторынгах, якія былі падрыхтаваныя супольнымі намаганьнямі шэрагу НДА.

Цягам абодвух дзён мерапрыемства адбываўся Фэст грамадзкага актывізму, у першы - выстава стэндаў, а ў другі НДА знаёмілі сваіх калегаў са сваімі кампаніямі і праграмамі, дэманструючы відэаролікі і прээзнтацыі. Усяго на фэсьце 28 арганізацыяў прадставілі свае стэнды, 11 - відэа, 17 - прэзэнтацыі. За лепшыя прэзэнтацыі адзначаныя «Студэнцкая Рада», «Новая Група» і Магілёўскі грамадзкі цэнтар.

Спэцыяльную майстар-клясу па візуальным аздабленьні і падрыхтоўцы акцыяў і грамадзянскіх кампаніяў даў вядомы чэскі спэцыяліст Вацлаў Вашку, які мае шматгадовы досьвед працы ў

Greenpeace ды іншых арганізацыях.

Урэшце, удзельнікі VI Асамблеі ўхвалілі шэраг рэзалюцыяў, заклікаючы ўрад правесьці рэальную лібэралізацыю, нармалізаваць стасункі з грамадзкім сэктарам, скасаваць усе формы палітычных рэпрэсіяў, і ўключыць грамадзянскую супольнасьць ў дыскусію аб мэтазгоднасьці пабудовы АЭС у Беларусі.

Здымкі

Фотаблог generation.by


Асамблея НДА
Вынікі VI Асамблеі (Кангрэсу) НДА Беларусі
Вынікі VI Асамблеі (Кангрэсу) НДА Беларусі
Вынікі VI Асамблеі (Кангрэсу) НДА Беларусі
Вынікі VI Асамблеі (Кангрэсу) НДА Беларусі
Вынікі VI Асамблеі (Кангрэсу) НДА Беларусі
Вынікі VI Асамблеі (Кангрэсу) НДА Беларусі