Вітаем!

Вы на старонцы Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў - найбуйнейшага аб'яднаньня незалежных грамадзкіх структураў Беларусі.
Даведацца болей пра Асамблею...

 
 

Заява Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Беларусі

“Супраць кампаніі палітычных рэпрэсіяў у Беларусі”

2010-05-20

З набліжэньнем прэзыдэнцкіх выбараў у грамадзтве Беларусі ўзрастае напружанасьць. Неадэкватныя паводзіны ўладаў у дачыненьні да актывістаў кампаніі “Гавары праўду” сьведчаць пра няўпэўненасьць рэжыму ў  сцэнары выбарчага працэсу.

Гістэрычная рэакцыя ўладаў выявілася ў шматлікіх  парушэньнях працэсульных нормаў, дапушчаных пры ажыцьцяўленьні перасьледу сябраў гэтай ініцыятывы. Існуе рызыка, што пагаршэньне ўмоваў для грамадзкай дзейнасьці у часе прэзыдэнцкіх выбараў пагоршыць атмасфэру ў краіне і адкіне яе на шмат гадоў.

Эскаляцыя канфлікту паміж дзяржаўнай уладай і грамадзкасьцю шляхам разгортваньня  новай маштабнай кампаніі палітычных рэпрэсіяў ня служыць інтарэсам Беларусі. Любыя супярэчнасьці паміж суб’ектамі палітычнага працэсу павінныя вырашацца ў прававым полі і з выкарыстаньнем мэханізмаў дыялёгу.

Праўленьне  Асамблеі

* выказвае занепакоенасьць пачаткам рэпрэсіўных дзеяньняў у дачыненьні да суб’ектаў прэзыдэнцкіх выбараў, што маюць адбыцца неўзабаве, і разглядае перасьлед удзельнікаў кампаніі “Гавары праўду” як небяспечны сымптом перадвыбарчай гістэрыі ў кіраўніцтва краіны;
   

* заклікае беларускія ўлады спыніць кампанію перасьледу з прыкметы палітычных перакананьняў, у тым ліку вярнуць маёмасьць асобам, якія патрапілі пад хвалю ператрусаў і допытаў 18 траўня 2010 г.;
   

* зьвяртаецца да супрацоўнікаў праваахоўных органаў з настойлівым патрабаваньнем у далейшым не пераўтвараць сваю працу ў сродак барацьбы з іншадумцамі і не дапускаць адступленьняў ад прынцыпаў законнасьці.