Вы на старонцы Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў - найбуйнейшага аб'яднаньня незалежных грамадзкіх структураў Беларусі.
Даведацца болей пра Асамблею...
Заява Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў
“З нагоды перасьледу польскай нацыянальнай меншасьці ў Беларусі”
15 лютага 2010 года
Кіраўніцтва Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў выказвае салідарнасьць з прадстаўнікамі польскай нацыянальнай меншасьці ў іх змаганьні за рэалізацыю свабоды асацыяцыі.
Мы лічым непрымальнымі любыя спробы дзяржаўнай улады па стварэньні кіраванай псэўдаграмадзянскай супольнасьці, у тым ліку праз адзяржаўленьне структураў Саюза палякаў у Беларусі. Асабліва абуральнымі зьяўляюцца выпадкі, падобныя на захоп дзяржаўнымі службоўцамі будынку Саюза палякаў у Івянцы, які прадстаўляе сабой гвалтоўнае ўмяшальніцтва дзяржавы ў справы грамадзкага аб’яднаньня. Мы лічым такія дзеяньні недапушчальнымі і разглядаем іх як парушэньне Рэспублікай Беларусь абавязальніцтваў, якія дзяржава ўзяла на сябе ў межах артыкула 22 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах і артыкула 5 Канвэнцыі аб правах асобаў, якія належаць да нацыянальных меншасьцяў.
Асаблівую занепакоенасьць выклікае тое, што гвалтоўныя дзеяньні супраць польскай меншасьці адбываюцца на фоне інтэнсыфікацыі дачыненьняў паміж Рэспублікай Беларусь і Эўрапейскім Зьвязам, а таксама напярэдадні выбарчых кампаніяў 2010-2011 гг. Сытуацыя нагадвае падзеі з наступам на Саюз Палякў на Беларусі ў 2005-2006 гг. перад мінулымі прэзыдэнцкімі выбарамі. Пры такіх абставінах мы разглядаем падзеі ў Івянцы як правакацыю, якая скіраваная за зрыў беларуска-эўрапейскага дыялёгу і вяртаньне краіны да рэжыму пастаяннага ўзмацненьня палітычных рэпрэсыяў. Гэтыя дзеяньні ня толькі наносяць непапраўную шкоду айчыннай грамадзянскай супольнасьці, але і нясуць пагрозу нацыянальным інтарэсам нашай краіны.
Мы заклікаем беларускія ўлады неадкладна спыніць наступ на арганізацыі польскай меншасьці і стварыць умовы для ўрэгуляваньня канфлікту, забясьпечыўшы права грамадзянаў Беларусі на свабоду асацыяцыяў.