Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Беларусі
The Assembly Of Pro-Democratic NGOs Of Belarus

Пра Асамблею  |   Старонка ў Facebook

 
 
15.09.2010 Заява Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Беларусі

Улады ствараюць прававыя ўмовы для палітычных рэпрэсіяў супраць грамадзкіх актывістаў

З набліжэньнем выбараў прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь грамадзянская супольнасьць краіны адчувае ўзмацненьне ціску на няўрадавыя арганізацыі. Адной з найбольш сур’ёзных формаў такога ўціску зьяўляецца судовая ліквідацыя няўрадавых арганізацыяў.

Мы вымушаныя з трывогай канстатаваць, што беларускія ўлады вяртаюцца да практыкі масавых ліквідацыяў некамэрцыйных арганізацыяў. За апошнія месяцы ўладамі распачатая кампанія судовай ліквідацыі няўрадавых аргганізацыяў, якія былі зарэгістраваныя па заяўляльным прынцыпе ў форме ўстановаў. У прыватнасьці, была зьдзейсьнена судовая ліквідацыя ўстановы “Беларда”, цяпер адбываюцца судовыя працэсы па ліквідацыі ўстановаў “Рух наперад” і “Правы альянс”.

Адначасова ўпраўленьнямі юстыцыі горада Менску і абласьцей фактычна прыпынена рэгістрацыя такіх формаў некамэрцыйных арганізацыяў, як установы і асацыяцыі. Незаконным чынам заяўкі на стварэньне гэтых відаў арганізацыяў блякуюцца ўжо на стадыі ўзгадненьня назвы, хаця паводле заканадаўства ў дачыненьні да іх павінен дзейнічаць заяўляльны прынцып рэгістрацыі.

Мы зьвязваем гэтую практыку судовых ліквідацыяў і незаконных адмоваў у рэгістрацыі зь імкненьнем уладаў стварыць прававыя ўмовы для палітычных рэпрэсіяў супраць грамадзкіх актывістаў падчас выбарчай кампаніі. Судовая ліквідацыя і незаконныя адмовы ў рэгістрацыі даюць уладам магчымасьць задзейнічаць сумнавядомы артыкул 1931 Крымінальнага кодэкса, які карае за дзейнасьць у складзе незарэгістраваных арганізацыяў.

Мы заклікаем улады не рабіць крокаў, скіраваных на дэлегалізацыю грамадзкіх структураў. Улічваючы, што беларускае заканадаўства прадугледжвае мараторый на судовую ліквідацыю палітычных партыяў у перыяд выбарчай кампаніі, мы прапануем палітычным рашэньнем распаўсюдзіць дзеяньне гэтага мараторыя і на выпадкі, зьвязаныя зь іншымі формамі некамэрцыйных арганізацыяў.

Калі органы выканаўчай улады ня будуць зьвяртацца ў суд па ліквідацыю ўстановаў па малазначных, сумнеўных ці штучна створаных падставах, гэта дазволіць нашай краіне пазьбегнуць крытыкі па гэтых выпадках адносна парушэньняў правоў чалавека ў час выбарчай кампаніі.

Патрэба ўстрымацца ад адвольнай ліквідацыі няўрадавых арганізацыяў тым больш актуальная, што гэтая праблема сталася аб’ектам жорсткай крытыкі на адрас беларускага ўраду з боку міжнароднай супольнасьці і Рады па правах чалавека ААН у межах Унівэрсальнага пэрыядычнага агляду па правах чалавека ААН. Неўзабаве, 23 верасьня, Савет па правах чалавека ААН зацьвердзіць рэкамэндацыі па стане правоў чалавека ў Беларусі, у якіх, сярод іншага, беларускаму боку прапануецца ўстрымацца ад перасьледу няўрадавых арганізацыяў, у тым ліку не ажыцьцяўляць іх дэлегалізацыю і скасаваць артыкул 1931 Крымінальнага кодэкса.

 

Маніторынг

Свабода асацыяцыі: Маніторынг развіцця сытуацыі ў Беларусі

лістапад 2008 – верасень 2010

Асноўныя палажэнні і рэкамендацыі

13 кастрычніка 2008 г. Савет Еўрапейскага Саюза вырашыў прыпыніць дзейнасць візавых санкцый супраць некалькіх высокіх беларускіх чыноўнікаў. У кастрычніку 2010 ЕС зноў будзе пераглядаць сваё рашэнне і свае далейшыя стасункі з беларускім урадам. З пачатку перыяду дыялогу больш за пяцьдзесят беларускіх і міжнародных арганізацый1 супольна рыхтавалі справаздачы пра асноўныя падзеі ў Беларусі дзеля таго, каб палітыкі ЕС мелі самую актуальную інфармацыю пра сітуацыю з правамі чалавека ў краіне. Гэтая сёмая справаздача прадстаўляе рэкамендацыі па палітыцы ЕС у дачыненні да Беларусі і крытэры, па якіх можна ацэньваць прагрэс у краіне, падсумоўвае галоўныя падзеі перыяду дыялогу і, у прыватнасці, нядаўнія падзеі.

Змены ў палітыцы Еўрасаюза былі крокам наперад у стасунках з Беларуссю і паспрыялі пэўным “касметычным” паляпшэнням становішча з правамі чалавека. Сімвалічныя крокі беларускага ўраду ў бок лібералізацыі за першы год дыялогу далі падставу спадзявацца на далейшае паглыбленне і развіццё інстытутаў, заканадаўства і практык, скіраваных на папляпшэнне сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Але на працягу 2010 года сітуацыя значна пагоршылася, асабліва становішча таго сегменту грамадзянскай супольнасці, які можа прымаць актыўны ўдзел у надыходзячай выбарчай кампаніі. Спрабуючы вырашыць цяперашнія кароткатэрміновыя ўнутраныя праблемы, беларускі ўрад быў зацікаўлены ў тым, каб зрабіць асобныя саступкі палітычнай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці і атрымаць ухваленне з боку ЕС у 2009 г., аднак ён не прадэманстраваў жадання ажыццявіць сапраўдныя дэмакратычныя рэформы ў кантэксце прэзідэнцкіх выбараў-2010.

Адным з негатыўных аспектаў гнуткай ацэнкі ЕС сітуацыі на Беларусі за апошнія два гады з’яўляецца яе непаслядоўнасць. Вызначэнне прыярытэтаў у палітыцы з Беларуссю, распрацоўка пакрокавай “дарожнай мапы” і наданне працэсу празрыстасці ў выглядзе зваротнай сувязі з боку ЕС карысна паўплывала б на стасункі з беларускім урадам і паспрыяла б усталяванню больш станоўчага іміджу перыяду дыялогу сярод грамадзян Беларусі. Больш рознабаковы разгляд сітуацыі ў Беларусі, замест засяроджвання на сімвалічных візавых санкцыях, накіраванне абмежаванняў на шырэйшае кола асобаў, вінаватых у парушэнні правоў чалавека, закрананне рэпрэсіўнага апарату ў цэлым і патрабаванне адказнасці за суб’ектыўныя судовыя рашэнні таксама зрабілі б палітыку ЕС больш плённай.

Беларуская грамадзянская супольнасць прапануе наступныя пяць рэкамендацый з мэтай садзейнічаць больш грунтоўным і паслядоўным зменам:

  1. Не адмяняць візавыя санкцыі ў дачыненні да беларускіх чыноўнікаў, пакуль не будзе грунтоўнага прагрэсу ў паляпшэнні сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.
  2. Працягнуць назіранне за сітуацыяй у Беларусі і часова прыпыніць дзеянне санкцый на наступныя шэсць месяцаў, каб ахапіць прэзідэнцкую выбарчую кампанію і магчымыя рэпрэсіі пасля яе. Узнаўленне санкцый у гэты момант пазбавіць ЕС якога-кольвек уплыву на Беларусь.
  3. Распрацаваць інструмент, які дазволіў бы больш эфектыўна прымяняць сістэму санкцый падчас і пасля выбарчай кампаніі – пашырэнне спісу вінаватых у парушэннях правоў чалавека, на якіх распаўсюджваюцца санкцыі, больш гнуткі працэс актуалізацыі спісу, абмежаванне кантактаў на вышэйшым узроўні.
  4. Падрыхтаваць даклад па сітуацыі ў Беларусі і ацэнку эфектыўнасці палітыкі ЕС за перыяд дыялогу па канкрэтных крытэрах, а таксама даць магчымасць грамадзянскай супольнасці зрабіць свой унёсак. Беларуская грамадзянская супольнасць мусіць мець магчымасць садзейнічаць, каментаваць і рабіць свой унёсак у дыялог паміж ЕС і Беларуссю на ўсіх яго этапах.
  5. Падчас прыняцця рашэнняў па эканамічным супрацоўніцтве, інвестыцыях і крэдытах як самых дзейных стымулах зважаць на сітуацыю з парушэннямі правоў чалавека. Рэпрэсіўныя інстытуты (такія, як Міністэрства ўнутраных спраў, Камітэт дзяржаўнай бяспекі, Пракуратура, мясцовыя выбарчыя камісіі, судовыя інстанцыі) не павінны атрымліваць падтрымку, якая дазволіла б пашырыць ім свае рэпрэсіўныя дзеянні. У той жа час, адэкватная дапамога беларускім уладам, скіраваная на адаптацыю і правядзенне рэформ, павінна быць павялічана.

Чытаць цалкам тут (ці адразу спампаваць сабе на кампутар).

Папярэднія справаздачы можна ўбачыць у разьдзеле Свабода асацыяцыі: маніторынг.


Заявы. Звароты
Асамблея НДА