“Зробім лепш’03”

 

ХРОНІКА КАМПАНІІ

Ідэя кампаніі “Зробім лепш!” нарадзілася 15 лютага 2002 году, калі Выканаўчым бюро Асамблеі быў арганізаваны і праведзены круглы стол “Грамадзянскія кампаніі — эфэктыўны спосаб працы з грамадзтвам”. У ім узялі ўдзел прадстаўнікі больш як 40 НДА. У выніку была заплянаваная кампанія “Зробім лепш’03”, прызначаная на Сусьветны дзень здароўя — 7 красавіка. Таксама былі вызначаныя мэты кампаніі: праінфармаваць грамадзтва аб дзейнасьці НДА праз вырашэньне мясцовых праблемаў, зьвязаных з аховай здароўя.

ЭТАПЫ КАМПАНІІ “ЗРОБІМ ЛЕПШ!-2003”:

— Апытаньне жыхароў з мэтай прааналізаваць сытуацыю і высьветліць найважнейшыя праблемы, а таксама магчымыя шляхі іх вырашэньня. Для гэтага была распрацаваная і распаўсюджаная адмысловая анкета.

— Падрыхтоўчы этап уключаў у сябе: распрацоўка сцэнарыяў мерапрыемстваў, збор рэсурсаў, праца зь мясцовымі ўладамі.

7 красавіка, у Сусьветны дзень здароўя, у 25 гарадох і мястэчках нашай краіны адбыліся акцыі ў межах грамадзянскай кампаніі “Зробім лепш’03”. Правядзеньне кампаніі было ініцыявана Рабочай групай Асамблеі НДА. У кампаніі ўзялі ўдзел больш за 90 грамадзкіх арганізацыяў.

Галоўнай мэтай кампаніі было прыцягнуць увагу грамадзтва да актуальных праблемаў здароўя нацыі і дапамагчы вырашыць праблемы, зьвязаныя са станам мэдыцынскага абслугоўваньня, сыстэмы аховы здароўя сродкамі, даступнымі для грамадтва і грамадзкіх арганізацыяў.

ГЕАЛЯКАЦЫЯ АКЦЫЯЎ КАМПАНІІ

Акцыі прайшлі ў Асіповічах, Бабруйску, Барані, Баранавічах, Барысаве, Берасьці, Віцебску, Воршы, Горадні, Глыбокім, Гомелі, Горках, Гурнаўшчыне, Клецку, Лідзе, Паставах, Мачулішчах, Менску, Магілёве, Наваполацку, Пінску, Рэчыцы, Слуцаку, Шаркаўшчыне, Жодзіне. Гэтым разам да кампаніі далучыліся дэпутаты мясцовых саветаў, прадпрымальнікі. Значна ўзрасла колькасьць звычайных людзей, якія ўдзельнічалі ў “Зробім лепш’03” у параўнаньні з мінулагодняй кампаніяй.

Формы правядзеньня акцыяў: сустрэчы ў навучальных установах, правядзеньне гульняў “За здаровы лад жыцьця”, раздача вітамінаў, перадача лекаў, кніжак і цацак дзецям зь незабясьпечаных сем’яў, экалягічныя дасьледваньні, віктарыны, спартовыя спаборніцтвы, уручэньні кветак і падарункаў дактарам і інш. супрацоўнікам мэдычных установаў, “Чысты горад – здароўе жыхароў Віцебска”, круглы стол “Супрацоўніцтва дзеля здароўя дзяцей”, “Здароўе нацыі” і г.д.

У межах кампаніі юрысты і мэдыкі падрыхтавалі брашуру “Правы пацыента”, якая была распаўсюджаная ва ўсіх рэгіёнах, дзе праходзіла кампанія “Зробім лепш’03”.

Акцыі, зладжаныя грамадзкімі арганізацыямі і ініцыятывамі шырока асьвятляліся ў нацыянальных выданьнях, на дзяржаўных і недзяржаўных радыёстанцыях (у тым ліку FM-станцыях), некалькіх тэлеканалах. Прыклады пасьпяховых акцыяў кампаніі.

ВЫНІКІ КАМПАНІІ

У параўнаньні зь міналугодняй кампаніяй 2002 году, “Зробім лепш’03” давялося пашырыць геаграфію кампаніі, таксама павялічылася колькасьць арганізацыяў-удзельніцаў. У трох гарадох ня толькі ўдзельнікамі, але і арганізатарамі кампаніі выступалі дэпутаты мясцовых саветаў — Мачулішчы, Бабруйск, Масты, на паседжаньні круглага стала ў Баранавічах прыехаў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу РБ Мікалай Сяргеенка. У межах кампаніі па ўсёй рэспубліцы распаўсюджваўся малы даведнік “Правы пацыента”, які ня мае аналягаў у Беларусі.