“Зробім лепш’03”

 

ЯК УСЁ ПАЧЫНАЛАСЯ

Праблемы, якія агучылі ў 2002 годзе грамадзкія кампаніі ў абарону Курапатаў і свабоды сумленьня ды веравызнаньня не зьяўляліся для большай часткі беларускага грамадзтва праблемамі першаснай важнасьці. Шматлікія сацыялягічныя дасьледаваньні, таксама як і эмпірычны досьвед, паказалі, што насельніцтва ўсё ж болей хвалююць пытаньні сацыяльныя ды эканамічныя, праблемы іх вырашэньня. І тут піянэрам выступіла Асамблея НДА, якая прапанавала моладзевым НДА Беларусі аб’яднацца ў правядзеньні агульнанацыянальнай грамадзкай кампаніі сацыяльнага накірунку. Асноўнай мэтаю такой кампаніі было наладзіць больш шчыльныя двухбаковыя кантакты з грамадзкасьцю.

На круглым стале моладзевых арганізацыяў-сябраў Асамблеі, які адбыўся 20 красавіка 2002 году, абсалютная большасьць удзельнікаў выказалася за тое, што мэтазгодна арганізаваць агульнанацыянальную сацыяльна скіраваную кампанію для актывізацыі сувязяў з грамадзтвам.

ХАРАКТАР І ФАРМАТ КАМПАНІІ “ЗРОБІМ ЛЕПШ!”:

— доўгатэрміновая агульнанацыянальная кампанія, арыентаваная на канкрэтныя праблемы кожнай мясцовасьці;

— дамінуючая тэма кампаніі — сацыяльная;

— пры агульнанацыянальным характары кампаніі кожная лякальная акцыя вырашае праблемы мясцовай грамадзкай супольнасьці;

— тэрміны кампаніі прывязаныя да канкрэтнай каляндарнай даты — 30 ліпеня — Сусьветны Дзень моладзі, бо адначасовасьць правядзеньня акцыі па ўсёй краіне мае значна большы эфэкт для грамадзкай думкі і прэсы;

— агульная каардынацыя, мэтадычная і інфармацыйная падтрымка кампаніі, але канкрэтныя акцыі на месцах распрацоўваецца, рыхтуецца і ажыцьцяўляецца мясцовымі арганізацыямі;

— кампанія ня мае свайго бюджэту, і для яе правядзеньня ўдзельнікі мабілізуюць альтэрнатыўныя рэсурсы — людзей, мясцовыя ўлады, урэшце, свой творчы патэнцыял;

— арганізацыі кожнай мясцовасьці імкнуцца да супрацоўніцтва і сумесных дзеяньняў;

— максымальная прытрымка “мірнага” характару кампаніі, ухіленьне ад любых

канфліктаў з уладамі, спробы наладзіць зь імі карысныя кантакты.

Каб лепш арыентавацца ў мясцовых праблемах, Асамблея прапанавала правесьці нескладанае, але “па правілах”, сацыялягічнае апытаньне.

30 ліпеня 2002 году ў сусьветны Дзень моладзі ўпершыню ў гісторыі Беларусі прайшла шырокамаштабная агульнанацыянальная моладзевая кампанія “Зробім лепш!”, зладжаная 70 грамадзкімі арганізацыямі і ініцыятывамі ў больш як 22 гарадох краіны.

Сіламі моладзевых НДА былі праведзеныя разнастайныя акцыі і мерапрыемствы, арыентаваныя на вырашэньне канкрэтных лякальных праблемаў (сацыяльных, экалягічных і г.д.) з мэтай наладжваньня лепшага кантакту з насельніцтвам. Кампанія атрымала беспрэцэдэнтны розглас у прэсе і грамадзтве. Прыклады пасьпяховых акцыяў.

ВЫНІКІ КАМПАНІІ

Кансультацыйная група па сувязях з грамадзтвам пры Выканаўчым бюро Асамблеі НДА падрыхтавала зборнік мэдычных матэрыялаў “Наш посьпех”. У зборніку зьмешчаныя пасьпяхова апрабаваныя на практыцы парады па арганізацыі шырокіх грамадзкіх кампаніяў.

Унікальная па сваіх маштабах кампанія стала адной зь першых спробаў беларускіх НДА зладзіць наўпроставы дыялёг з грамадзтвам, распавесьці звычайным людзям пра місію “трэцяга сэктару” з дапамогай канкрэтных справаў. Пасьля падвядзеньня вынікі кампаніі “Зробім лепш!”, стала зразумела — рух насустрач людзям дае плён. Для многіх арганізацыяў сам факт наладжваньня непасрэдных сувязяў з грамадзкасьцю зрабіўся важным адкрыцьцём.

Нягледзячы на тое, што ініцыявала кампанію Выканаўчае бюро Асамблеі, характар яе цалкам адпавядаў “спантанічным” ініцыятывам — добраахвотнасьць і зацікаўленасьць удзельнікаў, амаль поўная адсутнасьць фінансаваньня (Асамблея дапамагла зрабіць фірмовыя значкі, улёткі, садзейнічала прэсавым службам “на месцах”).

ПРАЦЯГ КАМПАНІІ

Актывісты НДА і простыя грамадзяне, якія далучыліся да кампаніі “Зробім лепш!”, прагнулі лягічнага працягу кампаніі. “Працяг кампаніі будзе” — так вырашылі прадстаўнікі грамадзкіх арганізацыяў на круглым стале “Грамадзянскія кампаніі як эфэктыўная форма працы з насельніцтвам”, які адбыўся 15 лютага 2003 году ў Менску. Менавіта на ім прадстаўнікі больш як 40 арганізацыяў з усіх рэгіёнаў краіны вызначылі дату правядзеньня наступнай пампаніі “Зробім лепш!”. Яна была прымеркаваная да Сусьветнага дня здароўя — 7 красавіка 2003 году.