"Зробім лепш!"-2013

 

Дэвіз кампаніі: “Я раблю не жыцьцё людзям лепш, а раблю лепшымі людзей” (Стыў Джобс)

ХАДА КАМПАНІІ

Мінула 10 гадоў з часу правядзеньня шырокай агульнанацыянальнай кампаніі “Зробім лепш!”, якая мела на мэце павелічэньне ролі і аўтарытэту грамадзкай дзейнасьці ў Беларусі. Маючы пераважна сацыяльны ўхіл, гэтая кампанія ў свой час спарадзіла вялікую колькасьць лякальных ініцыятываў, аб’яднала НДА з розных гарадоў і розных сфэраў дзейнасьці дзеля вырашэньня праблемаў грамадзтва. На VII Кангрэсе Асамблеі ў 2012 году многія грамадзкія актывісты і лідэры адзначалі неабходнасьць аднаўленьня дзейнасьці ў нацыянальным маштабе.

У траўні 2013 году Асамблея НДА абвесьціла пра аднаўленьне кампаніі “Зробім лепш!”.

"Зробім лепш!"-2013

Дзеля візуальнага аздабленьня кампаніі былі вырабленыя адмысловыя майкі, плякаты і календары. Кожная з арганізацыяў-удзельніцаў “Зробім лепш!”-2013 атрымала свайго вожыка-лягатыпа акцыі.

Сябры Выканаўчага бюро Асамблеі НДА падрыхтавалі Мэтадычныя рэкамэндацыі для ўдзельнікаў кампаніі “Зробім лепш-2013″, куды ўвайшлі парады і рэкамэндацыі па плянаваньні кампаніі, фармуляваньні мэтаў і задачаў,  юрыдычныя парады і парады прэсавым сакратарам арганізацыяў.

Для прэсавых каардынатараў, удзельнікаў “Зробім лепш!”-2013, быў праведзены адмысловы сэмінар-трэнінг, на якім абяркоўвалася: як працаваць з сацыяльнымі мэдыямі; як зацікавіць журналіста асьвятліць мерапрыемства, перадрукаваць прэс-рэліз; як правільна пісаць матэрыялы для СМІ? Прадстаўнікі грамадзкіх арганізацыяў-удзельнікаў сёлетняй кампаніі “Зробім лепш” цягам сустрэчы дзяліліся сваім уласным досьведам працы ў мэдыя, дыскутавалі і шукалі эфэктыўныя шляхі прасоўваньня сябе ў СМІ.

ВЫНІКІ КАМПАНІІ 

На пачатку да акцыі далучыліся 15 НДА з розных рэгіёнаў Беларусі. На фінішы “Зробім  лепш-2013!” аб’яднала 27 грамадзкіх арганізацыяў зь Берасьця, Гомеля, Віцебску, Воршы, Менску, Магілёва, Паставаў, Крэва, Лепеля ды іншых беларускіх гарадоў.

Цягам трох месяцаў удзельнікі кампаніі наладжвалі камунікацыйны мост са звычайнымі грамадзянамі, уздымалі хвалюючыя пытаньні, вырашалі іх талакою, камунікавалі зь мясцовымі ўладамі і паказвалі прыклад звычайным беларусам, як можна аб’ядноўвацца і самастойна рабіць жыцьцё вакол сябе лепшым, не чакаючы “ініцыятывы зьверху”. Кампанія аб’яднала каля 6000 чалавек па ўсёй краіне.

lepel

У межах “Зробім лепш!”-2013 стваралі альтэрнатыўную мапу Гомеля, праводзілі талаку ў Берасьці, Віцебску, ладзілі хлебны фэст у Лепелі, Клюбы выходнага дня ў Полацку, моўныя сустрэчы ў Менску, шукалі “Народных журналістаў” і езьдзілі ў Экспэдыцыі, дамагаліся ад уладаў вырашэньня “сьвінога пытаньня”, дасьледвалі габрэйскую спадчыну і арганізоўвалі шэраг іншых акцыяў і імпрэзаў.

22 кастрычніка ў “Арт Сядзібе” адбыўся Круглы стол з удзелам прадстаўнікоў дзесяці няўрадавых арганізацыяў з Гомеля, Берасьця, Магілёва, Паставаў, Менску, Віцебску, Воршы, якія распавялі пра свой досьвед удзелу ў агульнанацыянальнай кампаніі “Зробім лепш!”, падзяліліся посьпехамі ды праблемамі.

Кампанія завершылася велізарным фэстам у сталічным клюбе Re:public, у якім узялі ўдзел больш за тысячу чалавек.

Кампанія “Зробім лепш!” вэрсіі 2013 году стала Чэмпіёнам грамадзянскай супольнасьці ў намінацыі “Кампанія году”.

 

МАТЭРЫЯЛЫ ПА ТЭМЕ: 

Вацлаў Арэшка: “Зробім лепш” мае на мэце аднавіць дух лякальных ініцыятываў

“Зробім лепш”: штуршок выйсьці з анляйну і заняцца рэальнай справай

 Алёна Шарамет (Андрэева): Галоўнае быць карыснымі сабе і людзям

Меркаваньне: Як разбурыць сьцяну паміж НДА і грамадзтвам?